ТЭРМІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ, цеплавое забруджванне,

празмернае павышэнне т-ры навакольнага асяроддзя; адна з форм фізічнага забруджвання. Асн. крыніцы Т.з.: ЦЭС, АЭС, прамысл. і камунальныя прадпрыемствы, цеплатрасы і інш. На ахалоджванне агрэгатаў ЦЭС і АЭС у прамыслова развітых краінах расходуюць да 40—60% вод паверхневага сцёку. Т-ра вады ў месцах выпуску з ахаладжальных сістэм электрастанцый на 8—10 °C вышэй, чым у прыродных вадаёмах летам, з-за чаго парушаюцца тэмпературны, газавы, салявы, біял. рэжымы. Ва ўмовах Беларусі павышэнне т-ры да 25—26 °C стымулюе рост, развіццё большасці відаў водных арганізмаў, узмацняе «цвіценне» вады, паскарае зарастанне мелкаводдзяў макрафітамі і інш. Пры т-ры 27—30 °C збядняецца відавы склад флоры і фауны вадаёмаў, узмацняецца развіццё сапрафітнай мікрафлоры, ствараюцца ўмовы для замору водных жывёл. Пабочны фактар Т.з. — таксічнае ўздзеянне шкодных дамешкаў у вадзе і паветры.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)